Артыкул 328 называюць народным, бо паводле яго штогод асуджаюць тысячы людзей. Толькі цягам першага паўгоддзя 2025-га года на падставе яго асудзілі 1005 чалавек. Асабліва папулярная 1-ая частка артыкула, пад якую трапляюць спажыўцы кантраляваных рэчываў. Так, вядомага рэпера Ціму Беларускіх асудзілі на 2 гады хатняй хіміі за 0,4 грама марыхуаны. А 68-гадовую пенсіянерку асудзілі на тры з паловай года хатняй хіміі за тое, што яна вырошчвала каноплі і піла з іх гарбату. У гэтым даследаванні мы вырашылі даведацца: каго, за што і на колькі асуджаюць паводле наркатычных артыкулаў у Беларусі.
Даведка:
Артыкул 328 КК РБ усталёўвае крымінальную адказнасць за незаконны зварот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Ён складаецца з частак:
Ч. 1 – захоўванне, набыццё, перавозка без мэты збыту;
Ч. 2 – дзеянні з мэтай збыту або збыт;
Ч. 3 – збыт у групе, паўторна, у буйным памеры і г.д.;
Ч. 4 – арганізаваная група;
Ч. 5 – смерць чалавека.
Як мы збіралі і апрацоўвалі судовыя звесткі
У канцы верасня 2023-га мы спампавалі 519 тысяч судовых дакументаў, якія былі афіцыйна выкладзеныя на сайце Pravo.by. Пры дапамозе праграмных скрыптоў і штучнага інтэлекту мы вылучылі з іх больш за 2 тысячы прысудаў паводле артыкулаў 327–332 КК РБ (гэта артыкулы, якія тычацца псіхаактўных рэчываў). Прысуды змяшчалі інфармацыю пра 2550 чалавек, асуджаных у перыяд з 07.10.2020 да 28.09.2023.
Параўнанне з афіцыйна заяўленай Вярхоўным Судом колькасцю асуджаных цягам таго ж перыяду паказвае, што апублікаваныя дакументы складаюць блізу ⅓ ад агульнай колькасці справаў паводле артыкулаў 327–332 КК у Беларусі за гэты перыяд.
Прысуды базуюць перадусім на ч. 1 арт. 328 (1976 чалавек), ч. 3 арт. 328 (366 чалавек) і ч. 4 арт. 328 (306 чалавек). Паводле астатніх артыкулаў і частак было асуджана значна менш людзей.
За якія рэчывы найчасцей выносяць прысуды?
У топ-3 рэчываў, за якія былі вынесеныя прысуды, увайшлі суквецці канапель, альфа-ПВП і мефедрон. Папулярнасць гэтых рэчываў сярод спажыўцоў паказвае і даследаванне беларускага даркнэт-рынку 2020-га года.
За якія дзеянні асуджаюць найчасцей
У Крымінальным кодэксе апісваюцца канкрэтныя дзеянні, за якія прадугледжанае пакаранне. Аднаму чалавеку могуць інкрымінаваць адразу некалькі такіх дзеянняў. На графіку ніжэй бачна, што найчасцей злачынствы не звязаныя са збытам. Большая частка асуджаных набывала, захоўвала і перавозіла кантраляваныя рэчывы для ўласнага спажывання.
Каго асуджаюць за распаўсюд
Мы знайшлі 485 асуджаных паводле ч. 3 арт. 328 і ч. 4 арт. 328. У выпадку гэтых людзей былі даказаныя дзеянні ў складзе арганізаваных груп і была вызначаная роля, якую яны выконвалі ў гэтых групах. У 454 выпадках гэта былі закладчыкі.
Закладчык – чалавек, які фасуе рэчыва на дробныя часткі і раскладае іх у патаемных месцах горада, адкуль іх потым забіраюць выніковыя пакупнікі.
Сярод іншых роляў – адміністратар, складмен, кур’ер.
Як караюць спажыўцоў у розных рэгіёнах
Большая частка прысудаў прыпадае на спажыўцоў, гэта значыць прымяняецца ч. 1 арт. 328 (77% ад усіх наркатычных прысудаў). У графіку ніжэй мы падсумавалі, якія пакаранні выносяцца пад гэтай часткай артыкула ў розных рэгіёнах краіны. Для нагляднасці мы падзялілі ўсе магчымыя віды пакаранняў на тры групы: пазбаўленне волі, абмежаванне волі ды іншае.
На графіку адлюстраваныя дадзеныя толькі наконт тых прысудаў, дзе было ўказанае месца суда.
Для большасці асуджаных паводле ч.1 арт. 328 суды часцей выбіраюць “хімію” (з накіраваннем ці без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), чымся закрытую калонію. У той жа час шанцы трапіць у калонію амаль удвая павялічваюцца, калі справа разглядаецца ў Мінску, Гродзенскай ці Віцебскай вобласці.
На колькі гадоў пазбаўляюць волі паводле розных частак артыкула 328
На практыцы суды даюць тэрміны, блізкія да мінімуму магчымага. Фактычна справядлівасць судовых выракаў стрымліваецца заканадаўствам, якое ўлады карэктуюць рэдка і неістотна. Магчыма, суды давалі б і меншыя тэрміны, але закон не дазваляе ім гэта рабіць.
Графік паказвае, на якія тэрміны звычайна асуджаюць людзей паводле кожнай часткі артыкула 328 (акрамя 5-й часткі, бо наконт яе недастаткова звестак). Вышыня слупкоў азначае, як часта сустракаецца пэўны тэрмін. Форма лініі на графіку падобная да горкі, але з важнай асаблівасцю: яе левая частка адсутнічае, бо суд не можа прызначаць тэрмін ніжэйшы за мінімум, прапісаны ў законе. Пры гэтым самыя частыя прысуды знаходзяцца якраз каля гэтага мінімальнага парога. Межы магчымых тэрмінаў акрэсленыя заканадаўствам, якое дзейнічала на момант вынясення прысудаў (да зменаў 2025-га года).
Дзе ў Беларусі асуджаюць больш за ўсё спажыўцоў
Памер кружкоў адпавядае колькасці асуджаных на душу насельніцтва. Гарады, для якіх у базе было менш за 3 асуджаных, у разлік не браліся. Суды ў раёнах прыпісваліся гораду-цэнтру раёна.
Як відаць з інфаграфікі вышэй, найбольшую колькасць прысудаў у абсалютнай колькасці выносяць у вялікіх гарадах. Аднак топ-10 па колькасці асуджаных на 1000 жыхароў складаецца пераважна з невялікіх і сярэдніх гарадоў.
На мапе выразна бачныя інтэнсіўныя кластары у пэўных рэгіёнах. Паўднёва-заходні рэгіён (Брэсцкая вобласць) мае высокую канцэнтрацыю асуджаных на душу насельніцтва вакол Брэста і ў раёне Жабінкі/Кобрына. На паўночным усходзе прыкметная актыўнасць знаходзіцца ў раёне Оршы, Віцебска і Полацка.
Таксама можна заўважыць, што значная частка кругоў размясцілася ўздоўж трас М1 і М10. Гэта можа сведчыць пра распаўсюджанасць рэчываў у раёнах, праз якія праходзяць маршруты дастаўкі з Расіі і Еўразвяза або паміж імі.
Высновы
Даследаванне дазваляе зрабіць некалькі агульных высноў пра тое, як у Беларусі на практыцы прымяняецца крымінальнае заканадаўства, якое датычыць наркотыкаў, і каго яно закранае найперш.
Па-першае, аналіз прысудаў паказвае, што крымінальны пераслед у асноўным сканцэнтраваны вакол абмежаванага набору рэчываў. Найчасцей караюць за каноплі, альфа-ПВП і мефедрон.
Па-другое, большасць асуджаных – гэта не распаўсюднікі, а людзі, прыцягнутыя за набыццё, захоўванне і перавозку без мэты збыту. Крымінальная сістэма ў першую чаргу б’е па спажыўцах, а не па арганізатарах рынку.
Па-трэцяе, калі гаворка ідзе пра пакаранне шляхам пазбаўлення волі, дадзеныя паказваюць устойлівую тэндэнцыю: часта суды прызначаюць мінімальна магчымыя тэрміны, дазволеныя законам. Жорсткасць пакаранняў у значнай ступені задаецца не рашэннямі суддзяў, а самім заканадаўствам. Нават калі суд гатовы прызначыць больш мяккае пакаранне, ён абмежаваны мінімальнымі парогамі, прапісанымі ў Крымінальным кодэксе.
Па-чацвёртае, пераважная колькасць тых, каго судзяць за збыт, – гэта закладчыкі, людзі на ніжэйшых узроўнях іерархіі нелегальнага рынку. Гэта сведчыць, што крымінальны пераслед у сферы распаўсюду ў асноўным накіраваны не на арганізатараў або каардынатараў, а на найбольш уразлівых удзельнікаў схем.
Па-пятае, геаграфічны аналіз паказвае істотную нераўнамернасць пераследу. Лідарамі ў колькасці прысудаў на душу насельніцтва становяцца малыя і сярэднія гарады. Акрамя таго, выразна бачныя рэгіянальныя кластары ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях, а таксама ўздоўж асноўных транспартных калідораў. Гэта можа ўказваць на сувязь распаўсюджанасці рэчываў з лагістыкай і транзітнымі маршрутамі.
У цэлым даследаванне паказвае, што крымінальны пераслед за наркотыкі ў Беларусі носіць масавы і сістэмны характар, арыентуецца ў першую чаргу на спажыўцоў і нізавых удзельнікаў рынку і ў значнай ступені вызначаецца жорсткай канструкцыяй заканадаўства. Суды, як правіла, прытрымліваюцца мінімальных санкцый, але не могуць істотна змякчаць пакаранні. У выніку нават абмежаваныя змены ў законе прынцыпова не змяняюць практыкі, а агульная рэпрэсіўная логіка сістэмы застаецца нязменнай.