Самы шкодны стэрэатып пра Беларусь — гэта яго адсутнасць у мільярдаў людзей. Калі я пачаў рабіць мастацтва ў еўрапейскіх гарадах, разважаць у анлайн і афлайн пра культуру і грамадства, тыповай рэакцыяй на тэму Беларусі было неразуменне. Людзі з розных краін, ад Чылі да Інданэзіі — рэагавалі, быццам я выдумаў новую краіну на кшталт Ваканды, бы гэта нейкі psyop. Нават тыя, хто ведаў хоць нешта, таксама болей за пару словаў злучыць не маглі. Адны меркавалі, што Беларусь — гэта Расія, бліжэй да Смаленска. Іншыя — што гэта амаль як Польшча. Былі і тыя, хто казаў: «Я ўпершыню чую, што такая краіна існуе». Часта Беларусь у іх вачах вызначалася тым, што навокал, або не вызначалася ніяк.
Аніхто не абавязаны ведаць, што там за панкі ў Гродне, або што здарылася са спектаклямі ў Купалаўскім. Гэта не пра (ня)веданне чагосьці істотнага — не стае нават стэрэатыпнага, спрошчанага ўспрыяцця. Без яго — няма і кропкі ўваходу. Няма чаго аспрэчваць, няма чаго захапляцца, няма з чым паспрачацца.
У мяне ёсць метад. Часам я магу сказаць замежніку штосьці крынжовае, напрыклад: «Мінск перабудавалі як такі савецкі Парыж. Мінск — гэта калі б Хаусман быў фанатам Сталіна», — у іх у галаве нешта перамыкае. Гэта можа быць не-нюансавана, не цярплю ўсялякія падобныя параўнанні і іх другаснасць. Аднак узнікае вобраз, самы-самы пачатак разумення. І вось тут пачынаецца размова.
Другі крок — сказаць нешта, што максімальна супярэчыць такому бачанню. Сюды трапляе і Скарына, і лацінка з кітабамі, і рэчы, да штодзённага жыцця бліжэйшыя. І вось стэрэатып, які ўжо пачаў (нарэшце!) складацца, адразу ж ламаецца, на месцы двумернага вобразу пачынае фармавацца шматмернае, глыбокае… Разуменне? Пакуль не — але цікаўнасць.
Стэрэатып пра савецкасць — ледзь не адзіны, які шмат гадоў трымаў Беларусь на інфамапе свету. Ён недакладны, і да яго ў мноства беларусаў і беларусак ёсць цалкам апраўданая алергія. Але ў ім ёсць нешта рэальнае, рэалістычнае. І разам з тым — візуальнае, лёгкае да ўспрыяцця з-за масіву стрэатыпаў пра гэты час і месца.
Мінск сёння — апошні буйны горад у Еўропе, дзе пампезная архітэктура 50-х захоўваецца не як руіна, а як дзейны і адносна цэльны гарадскі ландшафт. Праспект Незалежнасці — не проста вуліца, а ідэалагічны тэкст у бетоне. Тыя, хто не рос сярод гэтага, з цікаўнасцю глядзяць на Плошчу перамогі, браму Мінска, Палац Рэспублікі і ромбакубаформу Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта працуе як вялізная арт-інсталяцыя, такога няма нідзе. У 2018 годзе напісаў пра гэта цэлы артыкул на CityDog.io i kykу, і ён быў спробай адзначыць: «так, гэта не мега-станоўча, але і гэта — наша цікавостка».
Польскія турысты, замежныя ўрбаністы ў сваіх YouTube часта кажуць: «У Мінск варта ехаць дзеля савецкай архітэктуры. Гэта апошяе такое месца ў Еўропе, дзе гэта выглядае аўтэнтычна». Падарожнікі з Ex Utopia яшчэ ў 2020-ым называлі Мінск «музеем сацыялістычнага мадэрнізму на адкрытым паветры». ArchDaily ў 2016 апісаў сталіцу Беларусі як месца, дзе савецкая архітэктура «фасілізаваная», замерлая, але ад таго яшчэ больш выразная і эстэтычна магутная.
Гэта можна выкарыстоўваць. Нават савецкасць — не наш сорам, калі мы яе не баімся. Гэта культурны артэфакт, крыповая капсула часу. Не варта яе ідэалізаваць, не варта вяртаць. А прызнаць — можна. Бо ў адрозненні ад «еўрапейскай архітэктуры», якую можна знайсці і ў Кракаве, Бруге або Каўнасе, наша бетонная сюррэалістычная раўнадушнасць — унікальная.
Стэрэатып — нават калі ён дзіўны, нават калі з савецкім душком — можа быць карысным. Беларусь пакуль не мае ўстойлівага вонкавага вобразу. І калі выбіраць паміж нябачнасцю і бетонным антуражам — другое можа быць лепшым выбарам. Бо нябачнасць — гэта калі ты нішто. Але калі ты — нябачны, ты можаш стаць кім заўгодна. Нават стэрэатыпам.
Некаторыя з крыніцаў
- ArchDaily – «The Fossilized Soviet Architecture of Belarus in Photos»
https://www.archdaily.com/805576/the-fossilized-soviet-architecture-of-belarus-in-photos - Ex Utopia – «Soviet Socialist Modernism in Minsk»
https://www.exutopia.com/soviet-socialist-modernism-minsk - Carnegie Europe – Judy Dempsey’s Strategic Europe: «Belarus: Still Unknown, Still Misunderstood»
https://carnegieeurope.eu/strategiceurope/84402
- Chatham House – «Belarusian Identity and Language» (2021)
https://www.chathamhouse.org/2021/04/belarusian-identity-and-language - Антось Сівых, Ruch Project, published by Citydog, Kyky & the Village – “Хвост імперыі” (2018)
https://citydog.io/post/minsk-paris/.
Originally on https://telegra.ph/hvost-%D1%96mpery%D1%96-11-23